Статья в газете "Працоўная слава" от 07.04.2020

09.04.2020
Падведзены вынікі абласнога этапу выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”.

У праекце, што рэалізуецца Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і займае дастойнае месца ў шэрагу шматлікіх рэспубліканскіх конкурсаў, прынялі ўдзел больш за 10000 школьнікаў, што пацвярджае вялікі інтарэс да яго. Юныя майстры вельмі любяць “Калядную зорку”, бо тут ёсць магчымасць раскрыць свой творчы патэнцыял, прадэманстраваць уласныя работы і атрымаць ацэнку прафесіянальнага журы. Здзіўляюць і захапляюць бязмежнасць дзіцячай фантазіі і багацце творчых ідэй. Кожны ўдзельнік імкнецца заняць прызавое месца і пабываць на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання.

Вялікі інтарэс і актыўнасць да выставы-конкурсу заўсёды праяўляюць рабяты з Валожынскага раёна. 9 дыпломаў атрымалі сёлета выхаванцы Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Адразу тры дыпломы I ступені заваявалі прадстаўнікі аб’яднання па інтарэсах “Гліняныя цуды”, якім кіруе Уладзімір Пятровіч Скрыпка. Гэта работа Антона Багуцкага, Валерыі Ганчаровай і Яны Квач “Калядоўшчыкі” ў намінацыі “Арт-аб’ект”, а таксама дзве работы Дар’і Загавалка “Варажба” “Вясёлыя калядкі” ў намінацыі “Зімовыя святы Беларусі” і “Сустракаем Новы год” у намінацыі “Сувенір-падарунак”. Дыплом III ступені за работу “Беларускія ўзоры” ў намінацыі “Навагодняя ялінка” ў Аліны Зайлянковай з гэтага ж аб’яднання.

Два дыпломы II ступені і адзін III ступені атрымалі рабяты, што займаюцца пад кіраўніцтвам Ірыны Баляславаўны Капусты і Святланы Міхайлаўны Зайлянковай у аб’яднанні па інтарэсах “Дзейнасць у вольны час”. Імі ўзнагароджаны Паліна і Кацярына Шорац за работу “Калядкі” ў намінацыі “Арт-аб’ект”, Дзіяна Шафарэвіч за работу “Мышыны кароль” у намінацыі “Навагодні персанаж” і творчая група ў складзе Дзіяны Шафарэвіч, Аляксея Рындзевіча, Валерыі Ахрэм, Анастасіі Скрыпкі, Аліны Зайлянковай за работу “Зімовыя матывы” ў намінацыі “Беларуская зіма”.

Дыплом II ступені атрымала Анастасія Курыла за тэкстыльную ляльку “Зімовым вечарам” у намінацыі “Арт-аб’ект”. Дзяўчынка наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Вернісаж”, якім кіруе Наталля Аляксееўна Лукашык. У Марыі Шастак і Вікторыі Часноўскай, што займаюцца пад кіраўніцтвам Алены Уладзіміраўны Мурашовай у аб’яднанні “Маленькія чараўнікі”, Дыплом III ступені за работу “Навагоднія ўзоры” ў намінацыі “Сувенір-падарунак”.

Віншуем рабят з высокімі творчымі набыткамі і жадаем поспехаў і новых дасягненняў.

Анжэла РАДЫНА